|
|
GSpay - iatp merchant account provider. |

Ініцыятыўная група «Белавеская пушча - XXI ст.» шукае перакладнікаў-валантэраў для стварэньня ангельскамоўнай вэрсіі сайту.
Праблемы Белавескае пушчы як сьветнае спадчыны могуць быць вырашаныя толькі з удзелам усясьветнае супольнасьці. Запрашаем прафэсіяналаў, студэнтаў, ды й проста людзей, якія ведаюць ангельскую мову, да супрацоўніцтва! Ня важная колькасьць, важны ўдзел. Нават пераклад адной старонкі будзе ўнёскам у агульную справу захаваньня Белавескае пушчы. І Пушча будзе Табе ўдзячная.
З прапановамі зьвяртайся на наш адрас
pushcha-XXI@tut.by
[БП] ВАЛЕРЫ ДРАНЧУК: ДЗЯРЖАВА НЕ КАНТРАЛЮЕ СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАВЕСКАЙ ПУШЧЫ
Сытуацыя ў Дзяржаўным нацыянальным парку «Белавеская пушча» не кантралюецца дзяржавай. Пра гэта заявіў эколяг і кіраўнік ініцыятывы «Terra-канвэнцыя» Валеры Дранчук,які на гэтым тыдні пабываў у Белавескай пушчы.
Як ужо паведамляў БелаПАН, 29-30 ліпеня па скаргах жыхароў вёскі Каменюкі ў нацыянальным парку пабывала камісія на чале з дэпутатам «палаты прадстаўнікоў» Марыяй Худой. Валеры Дранчук ня быў уключаны ў склад камісіі, аднак са згоды Худой суправаджаў яе.
Як распавёў БелаПАН Валеры Дранчук, дэпутат сустрэлася ня толькі з адміністрацыяй нацыянальнага парку, але і з жыхарамі Камянюкаў: карэнным жыхаром пушчы, навукоўцам-арнітолягам Уладзімерам Дацкевічам, былым дырэктарам ДНП і былым галоўным лясьнічым Яўгенам Смактуновічам, былым намесьнікам дырэктара па навуцы Георгіем Казулькам, старшынём Камянюцкага сельсавету Аленай Мазгавой.
«Марыя Худая атрымала магчымасьць пачуць аб усіх сацыяльных праблемах, якія сёньня існуюць у пушчы. Яна пачула вострыя адказы на свае пытаньні. Дэпутат атрымала багаты фактычны матэрыял аб тым, што адбываецца», - паведаміў Валеры Дранчук.
Аднак, на думку эколяга, пра якія-небудзь вынікі паездкі казаць рана: «ніхто з камісіі выразны голас у абарону пушчы так і не падаў». Марыя Худая абяцала, што ўсё пачутае і ўбачанае будзе разглядацца на пашыранным паседжаньні экалягічнай камісіі «парлямэнту», магчыма, будуць парлямэнцкія слуханьні, прысьвечаныя ўсім ахоўваемым тэрыторыям нашай краіны. Але якія з гэтай паездкі будуць высновы - цяжка сказаць, лічыць Дранчук.
Паводле эколяга, у час паездкі ён пераканаўся, што «сытуацыя ў пушчы не кантралюецца дзяржавай». «Я схільны далучыцца да пушчанцаў, што прэзыдэнт ўсё ж такі ня ведае пра тое, што тут адбываецца. Іх ліст з 260 подпісамі да яго не трапіла, я ведаю гэта. Я гатовы адкінуць свае палітычныя амбіцыі і прапанаваць Лукашэнку прыехаць у пушчу без сьпінінгу і ролікаў, а зь міністрам юстыцыі й старшынём Камітэту дзяржкантролю – там пахне крымінальшчынай. Сёньня ўратаваньне пушчы над палітыкай і над палітыкамі», - перакананы Валеры Дранчук
[БП] КАМЯНЕЦКІ СУД ПРЫЗНАЎ НЕАБГРУНТАВАНЫМ НАКЛАДАНЬНЕ ШТРАФУ НА БЫЛОГА НАМЕСЬНІКА ДЫРЭКТАРА БЕЛАВЕСКАЕ ПУШЧЫ Г.КАЗУЛЬКУ
Суд Камянецкага раёну прызнаў неабгрунтаваным накладаньне штрафу на былога намесьніка дырэктара Дзяржаўнага нацыянальнага парку «Белавеская пушча», кандыдата біялягічных навук Георгія Казульку за знаходжаньне на тэрыторыі парку.
Г.Казулька быў затрыманы ў пушчы 11 траўня. Паводле словаў навукоўцы, у гэты дзень ён вырашыў праехаць на ровары па цэнтральным турыстычным маршруце. Пры ім быў энтамалягічны сачок і торба зь біноклем і фотаапаратам. У тым месцы, дзе два гады таму прайшоў ураган і зьнішчыў лес, Георгі Казулька сустрэў цяперашняга дырэктара парку Мікалая Бамбізу. Разам зь ім у аўтамабілі былі ягоны намесьнік, дырэктар гандлёва-турыстычнага комплексу Іван Батан.
Паводле словаў Г.Казулькі, М.Бамбіза запатрабаваў, каб ён пакінуў тэрыторыю парку. Крыху пазьней, ужо з удзелам начальніка аховы пушчы, у Казулькі запатрабавалі фотаапарат і стужку.
На былога намесьніка дырэктара склалі пратакол у зьвязку з “парушэньнем рэжыму Нацыянальнага парку, фатаграфаваньнем караедных ачагоў і зборам матэрыялу”. На падставе гэтага адміністрацыйная камісія Камянецкага раённага выканкаму прыняла рашэньне накласьці штраф на Георгія Казульку, з чым ён не пагадзіўся і абскардзіў рашэньне.
Суд, які адбыўся 25 чэрвеня пад старшыняваньнем Галіны Прыхожкі, палічыў довады Г.Казулькі пераканаўчымі і адмяніў рашэньне пра штраф. Сакратар адміністрацыйнае камісіі і начальнік аховы Нацыянальнага парку не змаглі прывесьці доказаў таго, што Г.Казулька парушыў палажэньні аб нацыянальным парку.
Аднак нягледзячы на тое, што суд не знайшоў у дзеяньнях навукоўца складу злачынства, прадстаўнік нацыянальнага парку, паводле словаў Г.Казулькі, у прысутнасьці судзьдзі заявіў пра тое, што асабіста выдварыць яго з тэрыторыі Белавескае пушчы, нават калі той прыйдзе ў музэй прыроды.
Валянціна КАЗЛОВІЧ
[БП] ЧЫМ ЖЫВЕШ, ПУШЧА?
Зь Белавескай пушчы апошнiм часам адна за адной паступаюць цiкавыя, нават ледзь не сэнсацыйныя весткi. Так, ПЕРШЫ ФОТАЗДЫМАК Нацыянальнага парку, паводле адкрыцьця яго навуковага супрацоўнiка Мiкалая Чэркаса, аказваецца, быў зроблены амаль за паўстагодзьдзя да таго, як фотасправа пачала трывала ўваходзiць у побыт i гiсторыю неруша — у 1839-м.
На знойдзеным нядаўна нэгатыве адлюстраваны момант уручэньня ў Белавескай пушчы сымбалiчнай яловай галiнкi невядомаму князю пасьля ўдалага паляваньня на зубра.
ПАРАВОЗIК ПА ЛЕСЕ ПАВОЗIЦЬ. У Белавескай пушчы апрабаваны новы тып турыстычнага транспарту. Акрамя звыклых конных экiпажаў цяпер тут будзе курсаваць невялiчкi паравозiк, два вагоны якога здольныя зьмясьцiць да пяцiдзесяцi пасажыраў. Створаны ён уласнымi сiламi й без вялiкiх фiнансавых выдаткаў на базе трактара Т-30. А вось прыбытак ад навiнкi чакаецца немалы, бо колькасьць наведнiкаў усясьветна вядомага нерушу няспынна расьце: толькi на працягу траўня тут пабывала каля 14 тысячаў турыстаў, што прыкладна на тысячу больш, чым у гэтым жа месяцы летась.
Алесь СЯДНЁЎ
[БП] ЖЫХАРЫ ПАСЁЛКУ КАМЯНЮКІ НАПІСАЛІ АДКРЫТЫ ЛІСТ ДА ПРЭЗЫДЭНТА І Ў ШЭРАГ ІНСТАНЦЫЯЎ З ПРОСЬБАЮ АБАРАНІЦЬ ІХ АД ДЗЕЯНЬНЯЎ ДЫРЭКЦЫІ ДНП «БЕЛАВЕСКАЯ ПУШЧА»
191 жыхар пасёлку Камянюкі Камянецкага раёну (Берасьцейская вобласьць) падпісаў адкрыты ліст да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю абараніць іх ад дзеяньняў кіраўніцтва ДНП «Белавеская пушча».
“...З болем у сэрцы бачым, што ў нацыянальным парку і ў лесе адбываецца нешта ня тое. У гэтым лісьце мы хочам узьняць пытаньне ў стаўленьні дырэкцыі да мясцовых жыхароў і мясцовай выканаўчай улады”, такімі словамі пачынаецца грамадзкае пасланьне.
Далей паведамляецца, што “за апошнія 2 гады з нацыянальнага парку
“У адпаведнасці з праводзімай кіраўніцтвам краіны палітыкаю, уся гаспадарая ды ідэалягічная дзейнасьць мусіць быць скіраваная на разьвіцьцё тэрыторыі, на паляпшэньне дабрабыту насельніцтва, на тое, каб пра Белавескую пушчу і яе людзей казалі й пісалі толькі добрае, каб моладзь не зьяжджала з пасёлку, а заставалася працаваць у родных месцах. Ад гэтага наўпрост залежыць само захаваньне Белавескае пушчы. У нас сёньня атрымліваецца ўсё наадварот, зьвяртаюцца жыхары Камянюкаў да прэзыдэнта. мы просім Вас абараніць Белавескую пушчу і яе карэнных жыхароў ад самавольства і дэспатызму адміністрацыі”.
Ліст таксама накіраваны ў Нацыянальны сход, урад, у Берасьцейскі аблвыканкам, генэральнаму пракурору Беларусі, у Канстытуцыйны суд, у Камітэт дзяржкантролю, ва Ўправу справамі прэзыдэнта, у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, у замежныя амбасады, акрэдытаваныя ў Беларусі, усяго двум дзясяткам адрасатаў.
Валянціна КАЗЛОВІЧ
У БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ СТВОРАНЫ РЭСПУБЛІКАНСКІ ЛЯНДШАФТАВЫ ЗАКАЗЬНІК «ПРЫБУСКАЕ ПАЛЕСЬСЕ»
Пастановаю ўрада ў Берасьцейскай вобласьці створаны рэспубліканскі ляндшафтавы заказьнік «Прыбускае Палесьсе» агульнай плошчаю 7.950 гэктараў.
Як паведаміла БелаПАН галоўная адмыслоўка аддзелу запаведнае справы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ніна Ціханенка, заказьнік мусіць садзейнічаць захаваньню ў натуральным стане ўнікальнага ляндшафту з папуляцыямі рэдкіх адменаў расьлінаў і жывёлаў і тых, што зьнікаюць, а таксама захаваньню ўнікальных лясных біяцэнозаў і геамарфалягічных стварэньняў у рэгіёне, які займае важнае месца ў міжнародным сеціве асабліва ахаваных прыродных тэрыторыяў.
У заказьніку плодзяцца два вельмі рэдкія ў Беларусі сысуны: кажан шэры і начніца Бранда. На тэрыторыі «Прыбускага Палесься» жывуць усе вядомыя ў краіне 7 адменаў паўзуноў і 12 - земнаводных, 40 адменаў рыбаў, 50 - сысуноў і 214 - птушак. У заказьніку выяўлены 81 з 180 адменаў жывёлаў, якія зьнікаюць, і занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Сярод найбольш рэдкіх адменаў расьлінаў заказніка каралеўская папараць, гудаера плыўкая, зуброўка-паўзун і чараўнік двулісты. Апроч таго, у нерушы расьце мноства дзікіх і дэкаратыўных, лекавых і харчовых адменаў расьлінаў.
Як зазначыла адмыслоўка, заказьнік зьяўляецца “вельмі пэрспэктыўным” для міжнароднага супрацоўніцтва з Польшчаю і Ўкраінаю. “З гэтымі краінамі вядуцца перамовы пра стварэньне асабліва ахаванае прыроднае тэрыторыі міжнароднага статусу”, заўважыла Н.Ціханенка.
Паводле яе словаў, цяпер ва ўсіх абласьцях краіны дзейнічаюць 26 рэспубліканскіх ляндшафтавых заказьнікаў. Неўзабаве мяркуецца стварыць рэспубліканскі ляндшафтавы заказьнік «Котра» ў Шчучынскім раёне Гарадзенскае вобласьці.
[БП] ДЗЕД МАРОЗ ЗЬ БЕЛАВЕСКАЙ ПУШЧЫ
Ужо ў гэтую восень маленькiя беларусы змогуць дасылаць лшісты да свайго Дзеда Мароза i нават адсьвяткаваць Навагоднi баль у ягонай казачнай рэзыдэнцыi.
Справа ў тым, што ў Белавескай пушчы цяпер будуюць двухпавярховую сядзібу Дзеда Мароза. Каб падрыхтаваць усё належным чынам, улiчваецца практыка яго расейскага калегi зь Вялiкага Усьцюгу.
Рэзыдэнцыя беларускага Дзеда Мароза будуецца на ўзьлеску, дзе кормяць зуброў. Галоўнае патрабаваньне — стварыць казачны настрой. Для гэтай мэты рыхтуюцца ўсе неабходныя атрыбуты, разьбяры зробяць незвычайныя санi. Туды нават прывезьлi паравоз з двума вагончыкамi для арганiзацыi экскурсiяў па лясной дарозе. Такiм чынам, ужо гэты Новы год многiя беларускiя хлопчыкi й дзяўчынкi змогуць адзначыць там, дзе жыве сапраўдны Дзед Мароз. Казачная хатка, зубры, старажытны лес, Дзед Мароз... Што яшчэ патрэбна дзецям для поўнага шчасьця?
Алеся ГАЛОЎЧЫЦ
[БП] ДЗЕ ПАКАШТАВАЦЬ БЕЛАВЕСКАГА ЗУБРА?
Пры тым, што арганізаваць уласны бізнэс у Беларусі дастаткова складана, усё ж адчыняюцца новыя крамы, пачынаюць працаваць Інтэрнэт-клюбы, разнастайныя рэстарацыі ды кавярні. Шмат якія рэстарацыі імкнуцца прыцягнуць наведнікаў, прапануючы экстравагантнае мэню. Экзатычныя стравы сталічных рэстарацыяў вывучаў наш карэспандэнт.
Дык ці насамрэч, апроч звыклых яшчэ з савецкага часу страваў, цяпер можна замовіць і штосьці нешараговае, арыгінальнае? Натуральна, што мэню беларускіх рэстарацыяў не такое разнастайнае, як у бальшыні краінаў сьвету, дзе культура харчаваньня ўведзеная ў пэўны культ. У менскіх кавярнях, барах, рэстарацыях (зрэшты, і ва ўсёй Беларусі) традыцыйна прапануецца альбо сьвініна, запечаная пад сырам, альбо рыба “па-аргентынску”, альбо нейкія кулінарныя варыяцыі на курыныя тэмы.
Аднак шэраг установаў харчаваньня пайшлі іншым шляхам і арыентуюцца не на сярэдняга, нерасьпешчанага спажыўца, а на сапраўднага гурмана. Лідэр сярод экзотыкі ў стравах — кітайская рэстарацыя «Залаты лётас»: філе блакітнай акулы, меч-рыба з бамбукам, мяса аўстралійскага кенгуру, нільскі кракадзіл пад салодкім соўсам, афрыканскі стравус і г.д. Яшчэ адна ўстанова замежнай кухні, гэтым разам японская «Плянэта Сушы», прапануе пікантную ікру лятучай рыбы. Найбольш дарагая сталічная рэстарацыя «Стакгольм» стала мае ў мэню мяса акулы і алігатара. У «Ракаўскім бровары» падаюць страву зь яек стравуса, засмажаных ў памідорах, і хто мае лішнія 24 тысячы рублёў, можа пакаштаваць. У «Печках-лавачках» заўжды ёсьць традыцыйныя ў францускай кухні сьлімакі і жабы. У шэрагу рэстарацыяў можна знайсьці вырабы з каніны і нават вярблюжыну.
Карацей, тое-сёе ў новым смаку для сябе адкрыць можна, хоць, шчыра кажучы, я не такі экстрэмал, і да спажываньня шэрагу страваў павінен падрыхтавацца прынамсі маральна.
Бадай, адзінае, што можа значыцца ў шэрагу паспрабаваных мной адметнасьцяў — мяса зубра ў «Ракаўскім бровары». Адразу скажу, што мяса не спадабалася нават звонку — цёмнае, амаль чорнае. Да таго ж, як кажуць, цяжкое, дастаткова жорсткае. Збольшага, праўда, уразіла нават ня гэта. Зубр, на колькі я ведаю, знаходзіцца ў Чырвонай кнізе, і ягонае зьяўленьне ў мэню выглядала нонсэнсам. Аднак потым мне патлумачылі, што гэта — вынік камэрцыйнай дзейнасьці кіраўніцтва Белавескай пушчы, якое зарабляе на тым, што дазваляе замежнікам паляваць на зуброў за грошы. Мяса ў якасьці трафэю забіраць не дазваляюць, вось яно і трапляе ў пункты харчаваньня. <...>
Ігар Карней, Менск
[БП] АДКРЫЎСЯ САЙТ ПРА БЕЛАВЕСКУЮ ПУШЧУ
Па адрасах http://bp21.org.by і http://bp21.iatp.by пачаў работу сайт «Белавеская пушча – XXI стагодзьдзе», прысьвечаны праблемам абароны і захаваньня Белавескае пушчы.
На сайце сабраная інфармацыя пра прыроду, гісторыю і значэньне Белавескае пушчы, апошнія навіны зь месца падзеяў, публікацыі пра Пушчу ў мэдыях. Таксама на сайце разьмешчаныя Канвэнцыі і заканадаўчыя дакуманты, у якіх замацаваныя асноўныя правілы аховы і кіраваньня асабліва ахаванымі прыроднымі тэрыторыямі. У фотагалерэі сабраныя здымкі турыстычных аб’ектаў Нацыянальнага парку, прадстаўнікоў яго флёры і фаўны.
Мэта стварэньня сайту – захаваньне Белавескае пушчы, у якой разгорнутая інтэнсыўная гаспадарчая дзейнасьць. “Мэтады гаспадараньня, якія цяпер выкарыстоўваюцца ў Пушчы, пагражаюць зьніштожыць унікальны рэліктавы лес. Калі палітыку зьнішчэньня рэліктавага першабытнага лесу і разбурэньня напрацаваных пакаленьнямі пушчанцаў прыродаахоўных традыцыяў не спыніць сёньня, заўтра будзе запозна. Белавеская пушча ператворыцца ў спэцыялізаваны леспрамгас”, лічаць стваральнікі сайту.
З пытаньнямі, прапановамі і пажаданьнямі можна зьвяртацца на адрас: pushcha- XXI@tut.by
[БП] У БЕЛАВЕСКАЙ ПУШЧЫ ЗЬЯВІЎСЯ СВОЙ САЙТ У ІНТЭРНЭЦЕ, ПРЫСЬВЕЧАНЫ ПРАБЛЕМАМ ЯЕ АХОВЫ І ЗАХАВАНЬНЯ
У інтэрнэце пачаў працу сайт «Белавеская пушча XXI стагодзьдзе», прысьвечаны праблемам аховы і захаваньня нацыянальнага набытку Беларусі, унікальнага кутку дзікае прыроды ў цэнтры Эўропы.
Тут можна знайсьці інфармацыю пра прыроду, гісторыю і значэньне Белавескае пушчы для ўсясьветнай супольнасьці. Тут жа прадстаўлены апошнія навіны зь месца падзеяў, публікацыі пра пушчу ў прэсе і звароты грамадзкасьці ў міжнародныя арганізацыі з заклікам абараніць Белавескую пушчу.
Ёсьць на сайце канвэнцыі і заканадаўчыя дакуманты, у якіх замацаваны асноўныя правілы аховы і кіраваньня асабліва ахаванымі прыроднымі тэрыторыямі.
У галерэі фотаграфіяў, выкананых берасьцейскім фотамастаком Валянцінам Яжэлавым, можна ўбачыць дзікі белавескі лес у яго спрадвечнай прыгажосьці, населены ўнікальнымі адменамі жывёлаў і расьлінаў. Таксама ў галерэі ёсьць фотаграфіі турыстычных аб’ектаў нацыянальнага парку.
Аднак асноўная задача стваральнікаў сайту гэта паказаць, што Белавеская пушча ў небясьпецы. Мэтады гаспадараньня, якія зараз выкарыстоўваюцца ў пушчы, пагражаюць зьнішчыць унікальны рэліктавы лес, лічаць стваральнікі сайту. Як яны да гэтага ставяцца і што прапаноўваюць, можна прачытаць у ідэі сайта і звароце да грамадзкасьці.
Асаблівае месца адведзена разьдзелу «Фотафакт», у якім можна знайсьці пацьверджаньне разбуральных наступстваў гаспадарчае дзейнасьці ў пушчы.
“Мы намагаемся аб’ектыўна адлюстроўваць праблемы і сытуацыю ў Белавескай пушчы, праводзіць аналіз, заснаваны на фактах і незалежны ад адміністрацыйнай каньюнктуры. Нашая мэта дапамагчы кожнаму чалавеку знайсьці тое, што яго цікавіць у Белавескай пушчы. У будучым мы плянуем разьмясьціць тут новыя разьдзелы, каб даць найбольш поўную інфармацыю пра ўнікальны прыродны комплекс Белавескае пушчы. Мы робім сайт рознабаковым і разнастайным як і сама пушча зь яе мазайкавымі лясамі і шматлікімі складанымі праблемамі”, сьцьвярджаюць стваральнікі сайту, аб’яднаныя ў ініцыятыўную групу «Белавеская пушча XXI стагодзьдзе».
[БП] БЕЛАРУСКІ ДЗЕД МАРОЗ БУДЗЕ ЖЫЦЬ У БЕЛАВЕСКАЙ ПУШЧЫ
Галоўны беларускі Дзед Мароз будзе жыць у дзяржаўным нацыянальным парку (ДНП) «Белавеская пушча».
Як паведамілі БелаПАН у адміністрацыі ДНП, ужо зараз тут сур’ёзна думаюць, як падрыхтаваць для Дзеда Мароза рэзыдэнцыю. Хутчэй за ўсё, разьмесьціцца яна ў лесе, недалёка ад паляны, дзе ўзімку падкормліваюць статак зуброў. Будуючы рэзыдэнцыю, пушчанцы маюць намер пазнаёміцца з практыкаю расейцаў, Дзед Мароз якіх жыве ў Вялікім Усьцюгу. У найбліжэйшы час туды за досьведам выправіцца дэлегацыя.
Плянуецца, што ў сані Дзеда Мароза будуць запрэжаныя алені, якія жывуць у Белавескай пушчы. Ужо вядомая кандыдатура на ролю казачнага пэрсанажу гэта жыхар вёскі Каменюкі, які шмат гадоў прапрацаваў у нацыянальным парку. Праўда, імя яго пакуль трымаюць у таямніцы.
У нацыянальным парку лічаць, што выбар пушчы для месца жыхарства беларускага Дзеда Мароза найлепшы варыянт. У адміністрацыі разьлічваюць, што гэта значна падвысіць цікавасьць турыстаў да першабытнага эўрапейскага лесу.
[БП] НАЙБОЛЬШ УНІКАЛЬНЫЯ ПРЫРОДНЫЯ ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ НАБУДУЦЬ СТАТУС КАШТОЎНЫХ АБ’ЕКТАЎ ЭЎРОПЫ І ЎВОЙДУЦЬ У ЭКАЛЯГІЧНАЕ СЕЦІВА КАНТЫНЭНТУ
Найбольш унікальныя прыродныя тэрыторыі Беларусі набудуць статус каштоўных аб’ектаў Эўропы і ўвойдуць у экалягічнае сеціва кантынэнту. Гэта адбудзецца дзякуючы рэалізацыі ў нашай краіне міжнароднага праекту «Ключавыя батанічныя тэрыторыі». Яго выкананьне пачалі навукоўцы Інстытуту батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук.
Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА супрацоўнік інстытута Алег Маслоўскі, зь ініцыятывы Міжнароднага зьвязу аховы прыроды праект стартаваў у 1996 годзе ў Заходняй Эўропе. Ва Ўсходняй яго ажыцьцяўленьне пачынаецца зь Беларусі. Паводле словаў навукоўца, стварэньне эўрапейскага экасеціва дасьць магчымасьць сфармаваць на кантынэнце якасна новую і больш эфэктыўную сыстэму ахоўных прыродных тэрыторыяў.
У нашай краіне на званьне аб’ектаў сеціва прэтэндуюць заказьнікі «Блакітныя азёры», «Ельна», «Налібоцкая пушча», «Сапоцкінскі», Бярэзінскі біясфэрны неруш, Гарадоцкае ўзвышша, нацыянальныя паркі «Белавеская пушча», «Прыпяцкі», Сьвіслацка-Бярэзінскі і Палескі нерушы. Задача батанікаў дасканала дасьледаваць гэтыя тэрыторыі, апісаць іх у адпаведнасьці з агульнаэўрапейскімі крытэрамі, якія значна розьняцца ад нашых. На гэтыя мэты беларускім навукоўцам Міністэрства сельскае гаспадаркі, прыроднага кіраваньня і рыбагадоўлі Галяндыі выдаткавала 32 тысячы эўра.
Першая экспэдыцыя выправілася ў Магілёўскую вобласьць у Сьвіслацка-Бярэзінскі неруш. Гэтыя месцы, гаворыць Алег Маслоўскі, адзіныя ў Беларусі, дзе захаваліся дубравы, якім сотні гадоў. Ва ўнікальных лясах сустракаюцца надзвычайна рэдкія расьліны, лішайнікі, грыбы.
Сёлета, адзначыў адмысловец, плянуецца абсьледаваць яшчэ пяць нерушаў, астатнія вывучаць налета. Вынікам работы навукоўцаў будзе фундамантальны нацыянальны даклад, з падрабязным апісаньнем вынікаў экспэдыцыяў, базаю зьвестак усіх рарытэтных расьлінаў зь іх фотаздымкамі. Справаздача будзе таксама прадстаўлена ў Інтэрнэце. А гэта, на думку Алега Маслоўскага, своеасаблівая рэкляма, якая прыцягне ў Беларусь замежных інвэстараў прыродаахоўныя арганізацыі, якія змогуць укласьці грошы ў зьберажэньне для нашчадкаў апісаных тэрыторыяў.
БУДУЧЫНЮ ПАЛЕСЬСЯ НАВУКОЎЦЫ БАЧАЦЬ У ВЯРТАНЬНІ ЖЫХАРОЎ РЭГІЁНУ ДА ТРАДЫЦЫЙНЫХ ФОРМАЎ ГАСПАДАРАНЬНЯ
Пра гэта 13 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў загадчык лябараторыі «Экалёгія ляндшафтаў» Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту, віцэ-прэзыдэнт Беларускага геаграфічнага таварыства Валянцін Яцухна.
“У гэтым рэгіёне дамінуе сельскагаспадарчае выкарыстаньне тэрыторыяў. Аднак у сілу сваіх прыродных і культурна-гістарычных традыцыяў Палесьсе мусіць насіць прыродаахоўную, рэкрэацыйную, гісторыка-культурную функцыю. А аграрны сэктар павінен уключаць такія традыцыйныя віды прыродакарыстаньня як бортніцтва, збор лекавых траваў, разьвіцьцё жывёлагадоўлі, паляваньня і рыбалоўства, а таксама старажытных, часам забытых, нацыянальных рамёстваў і промыслаў”, адзначыў навуковец.
Паводле ягоных словаў, заходнія адмыслоўцы падтрымліваюць гэтую ідэю. “Мы спадзяемся і на міжнароднае фінансаваньне гэтага праекту, бо краіна ня мае неабходных сродкаў, тым больш што Палесьсе бачыцца як экалягічны рэгіён, які мае ня толькі нацыянальнае, але й усясьветнае значэньне. Гэта адзіны рэгіён Эўропы, які больш ці менш захаваў у натуральным стане рачныя даліны і абалоны вадаёмаў”, адзначыў В.Яцухна.
ТОЛЬКІ НА 12% ВЫКОНВАЕЦЦА ПРАГРАМА АДНАЎЛЕНЬНЯ МЭЛІЯРАВАНЫХ ЗЕМЛЯЎ
Пра гэта 13 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску паведаміў намесьнік начальніка спэцінспэкцыі дзяржкантролю за выкарыстаньнем і аховаю земляў, расьліннага сьвету, лясоў, нетраў і тарфянога фонду Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ўладзімер Саўчанка.
Паводле ягоных словаў, трэба мяняць падыходы да рэалізацыі гэтае праграмы, улічваючы абмежаванасьць дзяржаўных сродкаў. “На 2003 год для яе рэалізацыі плянавалася выдаткаваць 93 млрд. рублёў, аднак у бюджэце заплянавана толькі 63,9 млрд. А нядаўняе спраўджаньне рэалізацыі праграмы ў Берасьцейскай вобласьці паказала, што на 1 чэрвеня работы па рэканструкцыі мэліярацыйных сыстэмаў прафінансаваныя толькі на 7% ад заплянаванага”, адзначыў спэцыяліст.
У.Саўчанка мяркуе, што неабходна адмовіцца ад выкананьня праграмы і пераводзіць дэградаваныя меліяраваныя землі пад паўторнае забалочваньне і залесьваньне.
У гэтым кірунку ў краіне зараз рэалізуецца папярэдні праект коштам каля 20 тыс. даляраў ЗША “Экалягічная рэабілітацыя антрапагенна парушаных тарфяных балотаў Беларусі”. Мэта ягоная палягае ў тым, каб падрыхтаваць да аднаўленьня ад 11 да 14 тыс. гэктараў найбольш “кволых” тарфянікаў, якія вылучаюцца біялягічнай разнастайнасьцю і здольнасьцю акумуляваць вуглякіслы газ. Паводле словаў У.Саўчанкі, трэба ўзгадніць працэс рэабілітацыі тарфянікаў з навуковымі ўстановамі, землекарыстальнікамі і падрыхтаваць праект на суму прыкладна 1 млн. даляраў ЗША, разьлічаны на выкананьне цягам 3-4 гадоў.
“ГУБЭРНАТАР” БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЫ ВАСІЛЬ ДАЛГАЛЁЎ УЗНАЧАЛІЎ МІЖНАРОДНЫ ЭКАЛЯГІЧНЫ ФОНД «ЭЎРАПЕЙСКАЕ ПАЛЕСЬСЕ»
Праўленьне зарэгістраванага крыху больш за месяц таму ў Беларусі міжнароднага экалягічнага фонду «Эўрапейскае Палесьсе» ўзначаліў старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Васіль Далгалёў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар “губэрнатара” Раман Вайцішка. Дзейнасьць фонду, паводле ягоных словаў, ініцыятарам стварэньня якога выступіла Нацыянальная акадэмія навук, а заснавальнікамі амаль 30 розных дзяржаўных структураў, некаторыя ўстановы і фірмы Расеі, Балтыі ды іншых краінаў, будзе накіравана на захаваньне і разьвіцьцё палескай экасыстэмы, рацыянальнае гаспадараньне і прыродакарыстаньне, акумуляцыю фінансавых сродкаў, у тым ліку і замежных інвэстыцыяў, на рэалізацыю міжнародных і рэгіянальных праграмаў, стварэньне ўласных прыродаахоўных праектаў.
Беларускае Палесьсе месьціцца ў цэнтры Эўропы, займае плошчу 6,1 мільёны гэктараў або амаль траціну ад усёй тэрыторыі Беларусі. Па багацьцю прыроднага комплексу і спэктру біялягічнае разнастайнасьці гэта унікальны рэгіён. Тут пражываюць 2 мільёны чалавек, разьмешчаныя асноўныя радовішчы нафты, калійных і каменных соляў, бурых вугляў, сланцаў, торфу, прэснае вады, палавіна ляснога фонду краіны. А балоты і балотныя ляндшафты, многія зь якіх захаваліся ў натуральным выглядзе, займаюць амаль 1,7 мільёны гэктараў. У апошнія дзесяцігодзьдзі праведзеная маштабная мэліярацыя, чарнобыльская катастрофа, якая нанесла асноўны ўдар па Беларускаму Палесьсю, гаспадарчая дзейнасьць прывялі да парушэньня шэрагу натуральных прыродных працэсаў. Таму, супрацоўнічаючы з рознымі міжнароднымі арганізацыямі, фонд «Эўрапейскае Палесьсе» павінен садзейнічаць паляпшэньню экалягічнага стану ў гэтым рэгіёне, падвышэньню бясьпекі гаспадарчае дзейнасьці, захаваньню палескіх багацьцяў.
[БП] БЕЛАРУСКІ ДЫЯЛЁГ НА ІНТЭРНЭЦЕ: СТВАРАЛЬНІКІ САЙТУ ПРА БЕЛАВЕСКУЮ ПУШЧУ ХАВАЮЦЬ СВАЕ ІМЁНЫ
Нядаўна ў сеціве зьявіўся сайт
(Зьмітрок: ) “Справа,
(Карэспандэнт: ) “Што канкрэтна можа быць для вас небясьпечна? Вы маеце на ўвазе тыя скандальныя працэсы, што адбываюцца ў Пушчы, высяканьне лясоў?”
(Зьмітрок: ) “Так, сайт якраз прысьвячаецца праблеме, што робіцца цяпер у Пушчы, як пачуваюцца людзі, якія там з гэтым змагаюцца, і што яны прапануюць зрабіць, каб навесьці парадак”.
(Карэспандэнт: ) “Калі нехта, хто цікавіцца Белавескай пушчай, набярэ гэтыя два словы ў нейкім пошукавым сэрвэры ў сеціве, на што ён найперш выйдзе?”
(Кастусь: ) “Першым чынам, калі вы зробіце пошук на словы «Белавеская пушча», вы атрымаеце выхад на туры па Белавескай пушчы, што прапаноўваюць розныя турыстычныя фірмы, а таксама на галерэі фотаздымкаў, якія разьмяшчаюць аматары. Аднак паўнавартаснага і пісьменнага рэсурсу па Пушчы ў сеціве пакуль няма.
Да выказваньняў Зьмітрака я б хацеў дадаць, што, сапраўды, сайт у асноўным прысьвечаны незаконным высечкам у Пушчы, але ён таксама мае за мэту давесьці найбольш поўную інфармацыю пра Белавескую пушчу — пра яе лясы, інфраструктуру і гэтак далей”.
(Карэспандэнт: ) “Ці мае свой сайт Дзяржаўны нацыянальны парк «Белавеская пушча»?”
(Кастусь: ) “Не, відаць, там прыярытэты расстаўленыя інакш. Для іх важная ня праца з патэнцыйнымі турыстамі, якія прыедуць туды адпачываць, працаваць альбо праводзіць навуковыя дасьледаваньні, а тое, каб сабраць паболей грошай з дапамогай гэтых высечак”.
(Зьмітрок: ) “Мажліва, што найбліжэйшым часам на нашым сайце зьявіцца інфармацыя пра іншыя падобныя прыродныя рэзэрваты Беларусі. Увогуле, ёсьць агульны рэсурс пра прыроду Беларусі — гэта сайт Міністэрства прыродных рэсурсаў. Там трошку ёсьць пра Белавескую пушчу. Але гэта толькі крупіцы інфармацыі, вельмі агульныя просьценькія зьвесткі. На нашым сайце інфармацыі ўжо больш, і яна навуковая”.
Гэта праект робіцца ініцыятыўнай групай «Белавеская пушча — 21 стагодзьдзе». Гэта колькі чалавек у Менску, якія займаюцца непасрэдна сайтам. Аднак асноўная частка — людзі якраз у самой Белавескай пушчы, якія там жывуць і церпяць ад таго, што там робіцца адміністрацыяй.
Кастусь і Зьмітрок таксама распавялі пра супрацоўніцтва сваёй ініцыятыўнай групы «Белавеская пушча — 21 стагодзьдзе» зь іншымі экалягічнымі ініцыятывамі. Дарэчы, цяпер праходзіць міжнародная кампанія ў абарону пушчы. Былі арганізаваныя рассылкі зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі й міністра прыродных рэсурсаў Беларусі. У міністэрства, прынамсі, прыйшло ўжо больш як 200 факсаў, пытаньне захаваньня пушчы ўздымаецца на ўсіх экалягічных эўрапейскіх міжнародных экалягічных форумах. Пра разьвіцьцё гэтай кампаніі можна будзе даведацца на сайце «Белавеская пушча».
Віталь Цыганкоў, Менск
[БП] ЭКАЛЯГІЧНАЯ ІНІЦЫЯТЫВА «ТERRA-КАНВЭНЦЫЯ» БУДЗЕ АДНОЙ З НАЙГАЛОЎНЕЙШЫХ У “ЗЯЛЁНАЙ ПЛЯТФОРМЕ” БЛЁКУ «СВАБОДНАЯ БЕЛАРУСЬ», ЛІЧЫЦЬ ЭКОЛЯГ В.ДРАНЧУК
“Экалягічная ініцыятыва «Terra-канвэнцыя» будзе адной з найгалоўнейшых і вызначальных у “зялёнай плятформе” новага дэмакратычнага блёку «Свабодная Беларусь»”, заявіў у інтэрвію БелаПАН адзін з заснавальнікаў гэтага блёку, вядомы эколяг Валеры Дранчук.
Ён заклікае актыўна далучацца да руху рэгіёны краіны, “прырастаць лясамі і балотамі”, каб абараніць прыродныя каштоўнасьці Беларусі ад дэградацыі і прамысловага вынішчэньня скаардынаванымі, супольнымі дзеяньнямі”. Нагадаем, што 4 чэрвеня 2003 году ў Менску быў створаны дэмакратычны блёк «Свабодная Беларусь», мэта дзейнасьці якога прыход дэмакратычных сілаў да кіраваньня краінаю праз выбары. У раду блёку ўвайшлі прадпрымальнік Леанід Малахаў, дэпутат Вярхоўнае Рады 13-га скліканьня Валеры Шчукін, Андрэй Саньнікаў, рэжысэр Юры Хашчавацкі, журналіст і эколяг Валеры Дранчук, каардынатар незарэгістраванага руху «Зубр» па Менскай вобласьці Зьміцер Бародка, жонка зьніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская.
В.Дранчук лічыць, што ў абароне прыроднага багацьця Беларусі “кропкаю адліку сёньня зьяўляецца Белавеская пушча, дзе паноўны рэжым стварыў выключна абуральны прэцэдэнт валюнтарысцкага гаспадараньня на запаведнай тэрыторыі і свавольства ў абыходжаньні з жыхарамі пушчы”. Эколяг падкрэсьліў, што “людзі не скарыліся, а спрабуюць абараніцца”. 5 чэрвеня, ва Ўсясьветны дзень аховы навакольнага асяродзьдзя В.Дранчук уручыў адпаведным органам чарговы калектыўны ліст жыхароў пушчы, які падпісалі больш за 200 чалавек. У звароце яны патрабуюць ад прэзыдэнта, Нацыянальнага сходу і ўраду краіны праверкі і вывучэньня умоваў, ад якіх залежыць захаваньне Белавескае пушчы, заяўляюць пра “небывалы наступ на свае сацыяльныя і грамадзянскія правы”.
“Распаўсюджваючы гэты дакумант, мы апэлюем да міжнародных нормаў і стандартаў экалягічнага права, якія забавязаная выконваць Беларусь”, падкрэсьліў В.Дранчук.
МЭМАРАНДУМ ПРА ПАДТРЫМКУ ПРАЕКТУ СТВАРЭНЬНЯ РЭГІЯНАЛЬНАГА ЭКАЛЯГІЧНАГА СЕЦІВА “ПАЛЕСЬСЕ: БЕЛАРУСЬ УКРАІНА ПОЛЬШЧА” ПАДПІСАНЫ ПАМІЖ UNESCO І ПРАДСТАЎНІЦТВАМ ААН У БЕЛАРУСІ
Мэмарандум пра падтрымку праекту стварэньня рэгіянальнага экалягічнага сеціва “Палесьсе: Беларусь Украіна Польшча” падпісаны паміж UNESCO і Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі. Дакумант быў заключаны на міжнародным сэмінары ў пытаньнях захаваньня біяразнастайнасьці ў гэтым рэгіёне. У сэмінары ўдзельнічалі прадстаўнікі UNESCO, ААН, АБСЭ, Эўрапейскага Зьвязу, Эўрапейскай камісіі, прадстаўнікі дыпляматычных місіяў Францыі, Швайцарыі і Ўкраіны ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама навукоўцы і адмыслоўцы Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Латвіі, Польшчы, Сэрбіі і Чарнагорыі, Украіны і Францыі.
У высноўным дакуманце форуму падкрэсьліваецца значнасьць Палесься, багацьце біялягічнае разнастайнасьці якога дае магчымасьць лічыць яго ўнікальным аб’ектам сьветнае прыроднае спадчыны. Стварэньне экалягічнага сеціва на тэрыторыі Палескага краю як складовае часткі Агульнаэўрапейскага экалягічнага сеціва зьяўляецца адной зь першачарговых задачаў, якія садзейнічаюць трывалкому разьвіцьцю рэгіёну. Удзельнікі сэмінару зьвярнуліся да UNESCO, ПРААН, Сьветнага банку, Эўрапейскага Зьвязу, урадаў эўрапейскіх краінаў з просьбаю аказаць садзеяньне, у тым ліку фінансавае, гэтаму праекту.
Стратэгічны плян дзеяньняў прадугледжвае ўвязку асноўных праблемаў Палесься са стварэньнем рэгіянальнага сеціва і разьвіцьцём міжнароднага экалягічнага турызму. Для выкананьня яго на даручэньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ствараецца Каардынацыйны цэнтар супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацыямі.