|
|
GSpay - iatp merchant account provider. |

Ідэя стварэньня сайту Белавескае пушчы зьявілася і абмяркоўвалася даўно. Бо хуткі распаўсюд інфармацыі і рэкляма праз Інтэрнэт адкрываюць новыя пэрспэктывы для захаваньня выспачак некранутае прыроды асабліва ахаваных прыродных тэрыторыяў (ААПТ).
Пошук па Інтэрнэту паказаў, што спасылак на Белавескую пушчу ў віртуальнай прасторы незьлічонае мноства. Белавеская пушча славутая па рознаму! З 1000 спасылак на 300 знойдзеных старонак прысьвечаныя палітычным падзеям, зьвязаным з развалам СССР. Бо сустрэча лідэраў трох дзяржаваў, падпісаўшых пагадненьне пра роспуск СССР, адбылася ў Белавескай пушчы. Блізу 120 старонак з сфэры музыкі й розных мастацтваў маюць спасылку на Белавескую пушчу, пераважна дзякуючы музыцы і песьне «Беловежская пуща». Белавеская пушча ўзгадваецца ў мностве літаратурных твораў. Шмат спасылак на сайтах, прысьвечаных гісторыі, турызму, жывёльнаму сьвету, навуцы. Ёсьць спасылкі на сайтах пра эканоміку, культуру, адукацыю, спорт, рэлігіі.
А вось сайтаў пра Белавескую пушчу як пра асабліва ахаваную тэрыторыю знайшлося ўсяго 44. На большасьці зь іх ёсьць толькі ўзгадваньне пра Белавескую пушчу, у лепшым разе з кароткай яе характарыстыкаю. Толькі 5 сайтаў маюць
Гэта пацьвярджае, што Белавескай пушчы патрэбны асобны добры сайт. Нажаль, адсутнасьць фінансаў на гэтую мэту, недахоп увагі з боку ўладных структураў, а таксама загружанасьць іншымі патрэбнымі кірункамі працы не давалі магчымасьці раней прыступіць да распрацоўкі сайту.
Але сытуацыя зьмянілася. У Белавескай пушчы адбыліся падзеі, які паставілі пад сумнеў яе захаваньне для будучыні. Гэта дазволіла зьяднаць вакол Белавескай пушчы неабыякавых людзей, адкласьці патрэбныя работы і на валантэрскай аснове прыступіць да распрацоўкі сайту.
Белавеская пушча гэта і ўнікальны неруш міжнароднага значэньня, які грае важную ролю ў захаваньні прыроды і біяразнастайнасьці Эўропы, і найбуйны турыстычны цэнтар (прынамсі, ён мае такі патэнцыял) Беларусі. У мінуўшчыне гэта найбуйны навукова-дасьледны цэнтар сярод нерушаў былога СССР. І нарэшце, эколяга-адукацыйны цэнтар.
Нажаль, патэнцыял Белавескае пушчы не раскрыты й напалову. А ў апошнія годы пачалася яўная падмена асноўных задачаў нацыянальнага парку чыста ведамаснымі інтарэсамі. Ва ўсіх дэмакратычных краінах грамадзкасьць актыўна далучаецца да захаваньня ААПТ. Але ў Белавескай пушчы гэты працэс знаходзіцца ў зачаткавым стане. Грамадзкая актыўнасьць і спробы прыадкрыць «заслону сакрэтнасьці», створаную вакол нацыянальнага парку, мякка кажучы, тут не вітаюцца.
Першапачатковая ідэя сайту была чыста інфармацыйнаю. Але ў цяперашніх няпростых умовах галоўная задача сайту падняць грамадзкую ініцыятыву, сабраць і арганізаваць вакол Белавескай пушчы супольнасьць людзей, якія жадаюць і могуць дапамагчы вырашыць яе экалягічныя, эканамічныя і сацыяльныя праблемы, захаваць першабытны рэліктавы лес, садзейнічаць разьвіцьцю навукі, турызму, экаадукацыі.
Наш цяперашні маленькі сайт асьвятляе праблему абароны і захаваньня Белавескае пушчы. Мы імкнемся аб’ектыўна адлюстроўваць праблемы і сытуацыю ў Белавескай пушчы, правадзіць незалежны аналіз, заснаваны на фактах, доказах і лёгіцы.
Але мы не зьбіраемся абмяжоўвацца толькі гэтым бокам пытаньня. У далейшым сайт будзе насычацца новымі разьдзеламі і матэрыяламі для таго, каб па магчымасьці даць поўную інфармацыю пра ўнікальны прыродны комплекс Белавескае пушчы. Нашая мроя зрабіць у будучыні такі сайт, які мог бы супернічаць зь лепшымі сайтамі нерушаў і нацыянальных паркаў. Таму ў бліжэйшай пэрспэктыве сайт будзе рознабаковым і шматаблічным, як і шматаблічная Пушча зь ейнымі шматлікімі складанымі праблемамі. Мы парупімся зрабіць так, каб кожны мог знайсьці тут тое, што цікавіць яго ў Белавескай пушчы.
Сайт называецца «Белавеская пушча XXI стагодзьдзе». Гэта сымбалічна. Мы мусім думаць пра будучыню Белавескае пушчы. Якую Пушчу мы пакінем нашым нашчадкам? Такую ж дзікую і прыўкрасную, якой бачылі яе нашыя продкі? Або яна ператворыцца ў шараговы лес? Ці стане яна па сапраўднаму запаведнай або скоціцца да роўню спэцыялізаванага лясгасу?
Усе нашыя помыслы і спадзевы скіраваныя на новае стагодзьдзе. Будучыню Белавескае пушчы мы бачым у цывілізаваным XXI стагодзьдзі.
Захаваем Белавескую пушчу для нашых нашчадкаў!
Група распрацоўшчыкаў сайту