GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.
Белавеская Пушча - XXI ст.

ДЗЯРЖАЎНЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАРК «БЕЛАВЕСКАЯ ПУШЧА»

Белавеская пушча — найбуйная рэшта рэліктавага першабытнага раўніннага лесу, які ў дагістарычны час рос на тэрыторыі Эўропы. Паступова ён быў высечаны і ў адносна непарушным стане ў выглядзе буйнога масыву захаваўся толькі ў Белавескім рэгіёне. У 1992 г. рашэньнем UNESCO Дзяржаўны нацыянальны парк «Белавеская пушча» ўключаны ў Сьпіс Сьветнае спадчыны чалавецтва. У 1993 г. яму наданы статус біясфэрнага нерушу, а ў 1997 г. ён ганараваны Дыплёмам Рады Эўропы.

Белавеская пушча ёсьць унікальным і найбуйнейшым масывам старажытных лясоў, тыповых для раўнінаў Сярэдняй Эўропы. Сярэдні век лясоў Белавескае пушчы складае болей як 100 гадоў, асобныя дзялянкі лесу маюць век 250—350 гадоў. У Пушчы зарэгістраваныя болей за тысячу дрэваў-волатаў (400—600-гадовыя дубы, 250—350-гадовыя ясені й сосны, 200—250-гадовыя яліны). Белавеская пушча паводле колькасьці адменаў расьлінаў і жывёлаў ня мае сабе роўных у Эўропе. Тут растуць 958 адменаў ссудзінных споравых і насенных расьлінаў, зарэгістравана 260 адменаў імхоў і імхападобных, болей за 290 адменаў лішайнікаў і 570 адменаў грыбоў. У сьпісе фаўны Белавескае пушчы налічваецца 59 адменаў сысуноў, 227 адменаў птушак, 7 адменаў паўзуноў, 11 адменаў земнаводных, 24 адмены рыб і болей за 11 000 бесхрыбетных жывёлаў. Тут пражывае самая буйная ў сьвеце папуляцыя зуброў. З буйных траваедных жывёлаў тут можна стрэць высакароднага аленя, дзіка, казулю і лася, з драпежнікаў — ваўка, лісу, рыся, барсука, куніцу лясную, выдру ды іншых. У Пушчы захаваліся ўнікальныя супольнасьці бесхрыбетных — насельнікаў мёртвае і гнілое драўніны, трутавых грыбоў, верхавых і нізавых балотаў.

Флёра і фаўна рэпрэзэнтаваныя вялікай колькасьцю рэдкіх адменаў (піхта, дуб скальны, лілея-саранка, астранцыя вялікая, званочак лілеелісьцевы, зубр, рысь, барсук, арлан-белахвост, зьмеяед, чорны бусел, жораў шэры, падворлік малы, пугач, няясыць барадатая (шэрая сава), сыч вераб’іны, дзяцел беласьпінны, дзяцел трохпальцы, сіваграк, чарацянка крутлявая і шмат якія іншыя), занесеных у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь.

павялічыць у новым акне
схема разьмяшчэньня
Белавескае пушчы
Белавеская пушча зьмяшчаецца на паўднёвым захадзе Рэспублікі Беларусь на адлегласьці 340 км ад г. Менску ў межах Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцей. Плошча Нацыянальнага парку складае блізу 120 000 га. Праз Белавескую пушчу пралягае дзяржаўная мяжа паміж Рэспублікай Польшчай і Рэспублікай Беларусьсю. Побач Пушчы знаходзіцца водападзел Балтыйскага і Чорнага мораў. З мэтаю захаваньня ўнікальнае прыроды ў Белавескай пушчы вылучаныя 4 функцыянальныя зоны з розным рэжымам аховы: зона нерушу (запаведная), зона рэгуляванага карыстаньня, рэкрэацыйная і гаспадарчая зоны. Акрамя таго, вакол Пушчы створаная ахоўная (або буфэрная) зона.

Як ахаваная прыродная тэрыторыя, Белавеская пушча вядомая яшчэ з канца XIV — пачатку XV стагодзьдзяў. З 1413 г. яна знаходзіцца ў польскім валоданьні, а ў 1795 г. увайшла ў склад Расейскай імпэрыі. З 1919 г. Пушча адыйшла да Польшчы, дзе ў 1921 г. было ўтворанае лясьніцтва «Рэзэрват» (4693 га) і цалкам запаведнай аховаю ахоплена 1061 га. У 1939 г. Белавеская пушча ўвайшла ў склад БССР і на яе тэрыторыі быў арганізаваны Беларускі дзяржаўны запаведнік «Белавеская пушча». З 1957 г. Пушча мела статус Дзяржаўнае запаведна-паляўнічае гаспадаркі, якая ў 1991 г. была рэарганізаваная ў Дзяржаўны нацыянальны парк.

Сёньня ДНП «Белавеская пушча» — буйны турыстычны цэнтар Беларусі. Тут ёсьць Музэй прыроды, вальеры з жывёламі, утульныя гатэлі й гасьцявыя дамкі, рэстарацыя, спартовыя пляцоўкі ды інш. Распрацаваныя адмысловыя турыстычныя маршруты (пешыя, конныя, аўтамабільныя), дзе можна ў суправаджэньні прафэсійнага правадніка паглядзець красу Белавескага першабытнага лесу і наведаць урадавую рэзыдэнцыю «Віскулі», у якой было падпісанае вядомае «Белавескае Пагадненьне» пра выхад незалежных рэспублік са складу Савецкага Зьвязу і ўтварэньне Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў (СНД). Наведнікі парку могуць таксама пазнаёміцца з гістарычнымі й культурнымі помнікамі: сядзібаю Тышкевіча, старадаўнім царскім трактам, а таксама некаторымі іншымі, разьмешчанымі ў ваколіцах нацыянальнага парку, напрыклад, старажытнай вежаю XIII ст. «Белая Вежа», рэдкім царкоўным ансамблем ды іншю.
 

Падрабязьней пра Пушчу (па-расейску, пераклад у беларуску мову рыхтуецца)

 

Галоўная Напісаць ліст Мапа сайту